ТРЫПО́ЛЬСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура энеалітычных плямён, якія ў сярэдзіне 4—3-м тыс. да н.э. насялялі правабярэжжа Дняпра, бас. Паўд. Буга, Днястра і Прута. Назва ад паселішча каля с. Трыполле пад Кіевам. Вылучаюць этапы: ранні (сярэдзіна 4-га тыс. да н.э.), сярэдні (2-я пал. 4 — пач. 3-га тыс. да н.э.) і позні (3-е тыс. да н.э.). Насельніцтва жыло на паселішчах у зямлянках, паўзямлянках і глінабітных наземных жытлах прадаўгаватай формы, падзеленых на некалькі асобных памяшканняў; ужывала крамянёвыя, каменныя, касцяныя і рагавыя прылады працы, а таксама медныя прылады працы і ўпрыгожанні (сякеры, шылы, кінжалы, бранзалеты, падвескі, пацеркі); вырабляла пласкадонны сталовы і кухонны посуд, упрыгожаны крывалінейным і спіральным арнаментам, які пакрываўся белай, чырвонай і чорнай фарбай. Сярод знаходак Т.к. гліняныя фігуркі жывёл і жаночыя статуэткі. Пахавальны абрад трупапалажэнне і трупаспаленне на бескурганных могільніках, пазней трапляюцца курганы. Плямёны Т.к. займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, на раннім этапе вял. ролю адыгрывалі паляванне і рыбалоўства. На познім этапе Т.к. мела лакальныя варыянты, якія часам вылучаюцца ў асобныя культуры. На тэр. Беларусі рэшткі посуду Т.к. выяўлены на паселішчах Аравічы і Краснаселле (Хойніцкі р-н).
У.Ф.Ісаенка.
т. 16, с. 6
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)